“Галоўная выснова – мы можам зрабіць што заўгодна”. Бабруйскі журналіст – пра ўдзел у ByCovid19

    0
    959

    Дзяніс Носаў – вядомы ў Бабруйску журналіст і стваральнік і вядучы інтэлектуальных гульняў (“Аўдзенцыя”, “Ума Штурман”). Заўсёды дапамагае там, дзе мае магчымасць – жывёлам у прытулку, людзям без даху над галавой. Не ўяўляе сябе без колі Дзіны, пра якую кажа: мы – працяг адно аднаго. Пра валанцёрства і пра Дзіну – аповед Дзяніса.

    Усе зрухі ў нашым грамадстве пачаліся з ByCovid19

    —  Што патрэба ў працы валанцёраў будзе вялізнай, адчулася ўвесну 2020 года, калі ўсё пачалося, адразу. Трэба было збіраць ахоўныя экраны, шыць сродкі індывідуальнай абароны, развозіць усё гэта… Я далучыўся, бо ну а як у баку застацца? Збіраў тыя ж шчыткі, развозіў усё, што трэба было – у Глуск, Асіповічы.

    Шмат людзей адгукаліся, далучаліся… Цікава было знаходзіць сярод валанцёраў людзей, якія жывуць зусім побач. Пазнаёміўся на зборы шчыткоў з адным валанцёрам, дамовіліся з ім развозіць гатовае, і тут высветлілася, што ён мой сусед – жыве ў маім доме.

    Медыкі нас сустракалі з абдымкамі, вельмі радаваліся, але мне падавалася, што радасць гэтая была сарамлівай. Нажаль, часам было не так проста дапамагаць, бо недзе медыкі баяліся прымаць, недзе кіраўніцтва забараняла.

    Мне падаецца, што дапамога патрэбная медыкам і цяпер. І я бачу, што бабруйчане гатовыя дапамагаць. Увогуле, галоўная выснова ад ByCovid19 – аказваецца, мы што заўгодна можам зрабіць. Ладна там я лёгкі на пад’ём – заўсёды гатовы адвезці ў той жа Глуск нейкія пакеты. Але ж гэты руха паказаў, як шмат народу можа вось так узяць і пачаць пахаць на нейкую агульную справу, проста за ідэю. І не проста пахаць, а яшчэ і самаарганізавацца, і стварыць механізм, які цудоўна працуе.

    Я ўпэўнены, усе зрухі мінулага года ў нашым грамадстве пачаліся з ByCovid. Мы здолелі зрабіць і ўбачылі, што мы – самадастатковы народ.

     

    Больш людзей валанцёрылі б, калі б не баяліся выйсці ва ўласны двор

    —  Валанцёрыць я гатовы заўсёды. Калі трэба, дык калі ласка. Сабачкам рэгулярна нешта адвожу ў прытулак, а таксама ў арганізацыю “Справядлівая дапамога”, якая корміць бяздомных людзей.

    Што да валанцёрства ў Бабруйску – заўсёды можна больш. Працу можна знайсці, і такую, якая яшчэ не пачыналася. Бо дапамога жывёлам і бяздомным – гэта ўжо класіка жанру. ByCovid стаў нечым новым, але гэта зразумелы водгук на пандэмію. А можна ж яшчэ прыдумаць шмат усяго. Больш людзей валанцёрылі б, калі б маглі спакайней пра гэта думаць, не азірацца заўсёды па баках, і калі б не баяліся лішні раз выйсці ва ўласны двор тыя дрэўцы падвязаць.

    Гэта галоўнае, чаму навучыў ByCovid – мы ўсё можам самі, нават тая ж ЖКГ не патрэбная амаль што, і шмат якія дзяржаўныя структуры.

    Люблю гульні і загадкі ва ўсіх сэнсах

    —  Я ў журналістыцы больш за 20 гадоў. Трапіў у прафесію хутчдэй выпадкова – знаёмая журналістка папрасіла напісаць у рэдакцыю ліст ад імя чытачоў. Так і зацягнула. А да гэтага яшчэ працаваў на тэлебачанні, праўда, гэта была больше не журналісцкая праца, а арганізацыйная – я быў адміністратарам, памошнікам на праграмах. Паціху пачаў сам нешта рабіць – сюжэцік, кліп. Раптам ува мне гэта прачнулася. Потым працаваў на “Радыё Свабода”. Цяпер – “Вечерний Бобруйск”.

    Раблю і вяду інтэлектуальныя гульні. Бо люблю загадкі, гуляцца. Ва ўсіх сэнсах.

    Некалі прывёз у Бабруйск вядомую “Мазгабойню”, а потым стаў рабіць сваё – так з’явіліся мастацкая гульня “Аўдзенцыя” і ўжо шмат каму вядомая “Ума Штурман”. “Аўдзенцыя” рэдка выходзіць. Прайшло дзевяць гульняў, потым атрымаўся перапынак з розных прычынаў аж на тры гады. Але цяпер паціху рыхтую ўжо дзясятую.

     Мы з Дзінкай – працяг адно аднаго

    Шэсць гадоў таму ў хаце з’явілася Дзінка — сабачка. З большага раптоўна, хоць унутры я заўсёды любіў жывёлаў. У мяне быў не самы ўдалы досвед з коцікамі. Але гэта не адбіла жаданне завесць пітомца. Так і падумалася – а давай сабачку. А якую?  Раней я хацеў рызеншнаўцэра. Чаму? Ды проста таму, што слова падабаецца. Але адмыслоўцы ў інтэрнэтах пісалі, што гэта не для навічкоў сабака. А чаму б не колі? Так, сапраўды, усё ж дзяцінства падабаліся, чаму забыў? Жонка знайшла абвестку аб продажы шчанюкоў — за пёсяй давялося ехаць аж у Петрыкаў. У Бабруйску сёння толькі ў трох сем’ях ё колі. Я выбраў па фотаздымку сваю Дзінку сярод пяці аднолькавых. І не памыліўся.

    Так упершыню ў жыцці ў мяне з’явілася сабачка, і адразу стала родным дзіцём.

    Яна больш, чым сябр. Я заўсёды разумеў, што зверы – таксама людзі. Але цяпер я гэта бачу кожны дзень. І яшчэ больш дзіка чуць ад некага – ды гэта ж проста жывёла. Ды сам ты проста жывёла. Усё іх адрозненне ад людзей, што яны не могуць вырашаць дыферэнцыйныя ўраўненні і чытаць кніжкі. Дык і многія людзі не могуць – увогуле не ведаюць, што за ўраўненні такія, а кніжкі ведаюць, але не чытаюць. Сабакі ўсё гэтак жа сама разумеюць і адчуваюць, толькі што не словамі гавораць. Але і навошта словы, калі ўсё зразумела без словаў? Я ўжо не ўяўляю сваё жыццё без Дзінкі. Мы з ёй – працяг адно аднаго.

    Фото: Алла Сказова